epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Я тонкія струны нячутна крануў..."

Я тонкія струны нячутна крануў,

Яны ж у адказ з усіх сіл задрыжалі.

Так рэха магутнае коціцца ў далі,

Так бурай зіма сустракае вясну.

 

А я ж так хацеў хоць на хвілю адну

Зусім растварыцца ў ласкавасці хвалях,

Каб зноў ад мяне сугрунём уцякалі

Згрызоты дзянныя і прывіды сну.

 

Хацеў успаміны свае ажывіць

Аб тых, што заснулі ў гарачай крыві,

Сказаць ім: — Мы вас не забылі.

 

Ды струны паўсталі. У гневе яны.

— Пакінь! Не трывож ты іх. Хай свае сны

Спакойна дасняць у магіле.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан