epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Я захварэў на пах лясных сутонняў..."

Я захварэў на пах лясных сутонняў —

З дымком слязы смалістай на карчах.

І гэта, мусіць,

нават і пры сконе

Зазіхаціць, засвеціцца ў вачах.

 

Я захварэў на ночы ў спелым леце,

На пошум хваль, што сон мне сцеражэ.

І ўсім скажу:

так, ёсць усё ж на свеце

Штось з таямніц,

Што сэрцу не салжэ.

 

Я захварэў на слёзную гаркоту

Вандроўнага світальнага агню,—

Хітнецца цёпла

На маю самоту

І кіне радасць на спатканне дню.

 

Я захварэў...

І захварэў, паверце,

Так цяжка, што і лекаў не прашу.

Вунь гляньце: маладзік нясе вядзерца

З-за хмар —

ён па маю ідзе душу.

 

Вунь гляньце:

ў небе — як вачмі акінуць —

Згараюць зоры ў моры кумачу.

То мой спакой і ціша сэрца гінуць,

І я іх ратаваць і не хачу...

 

Ляжаць паважна планкі, і калодкі,

І стужкі, і праменлівы муар...

Ды раптам загучаць —

як з даўняй зводкі:

— Мы чуем, бачым

дум тваіх пажар.

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан