epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Як часта так здараецца ў жыцці..."

Як часта так здараецца ў жыцці,

Што ўжо калі цябе

зусім надзея кіне,—

Знаходзіш той жаданы скарб адзіны,

Што век шукаў і ўсё не мог знайсці.

 

З якою горкай радасцю тады

Свой успамін пра век пражыты роніш...

Бо чуеш —

успамін той

не адгоніш, не прагоніш

Бо чуеш,—

як і сам твой век,

ён — назаўжды...

 

Але ў бясконцых днях, што не суняць,

Хіба ж не ўцеха на шляху бурлівым,

Калі ўсвядоміш:

успамін той, і гаркотны, і шчаслівы,

Навошта адганяць і праганяць?

 

Бо, можа, ты таму толькі і змог прайсці

Нялёгкі шлях нялёгкага шукання,

Што ўсё ішоў —

без спыну, без палёгкі ў парываннях,

Усё шукаў —

і ўсё не мог чаканы скарб знайсці...

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан