epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Як гэта стала з табою, мой дружа..."

Як гэта стала з табою, мой дружа,

як гэта стала,

Як адбылося,

што сёння не ўспомніў ты, дружа,

Дзе цябе

маці

з трывогаю ў свет выпраўляла,

Што тады ў свеце было:

ці тужлівая спёка, ці сцюжа?

Вецер ірваў яе хустку,

ці з хмар па дажджынцы

Падала скруха асенняя, скруха расстання.

Што табе маці жадала

на развітальнай сцяжынцы —

Словамі вернасці, шчырага замілавання?..

Як гэта стала з табою, мой дружа,

як гэта стала,

Як адбылося,

што з роднай сышоў каляіны?..

Як жа шкада твайго сэрца —

як шчасця ў ім мала!.

Як жа шкада тваіх думак —

адны ў іх руіны!..

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан