epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Як я люблю твой пах!.."

Як я люблю твой пах! — пах смугі палявой.

Як я люблю твой час! — хоць і такі кароткі.

Хлеб жніўня — няважаны, самы свой,

Самы чысты і самы салодкі!

 

Адрэжаш лусту, патрэш у кадцы аб соль,

Адкусіш прагна, вадою зап’еш колкай.

І душа —

здаецца, толькі дазволь —

Так і ўстане над краем звонкай вясёлкай.

Хлеб жніўня. Маленства і юнацтва дар.

Іду да цябе з заміраннем сэрца заўсёды.

Як твой пясняр.

Абаронца.

І светлых ніў гаспадар.

І лепшай не трэба мне ўзнагароды.

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан