epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Як ён падаў, як упаў ён вобзем..."

Як ён падаў, як упаў ён вобзем —

На карэнне чубам маладым...

Нават дуб-асілак пры дарозе

Здрыгануўся скрушна па-над ім.

 

Як стагнаў ён, як узняцца прагнуў,

Грыз зямлю, хапаў расу з травы...

Нават і груган — на кроў так прагны —

Прэч ляцеў,

бо чуў: салдат жывы.

 

Дзе ён поўз — чырвоны след ільсніцца...

Наплывае на той след смуга...

А вось гільзы —

зноў на чужаніцах

Біла аўтаматная чарга...

 

І ні ў век не ўверыш,

што змаглася

Прага сэрца — не здавацца, жыць...

 

А трава яшчэ не паднялася...

Хоць пайшоў ён... А трава ляжыць...

Пад крывёй,

прымятая,

ляжыць...

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан