epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Як мудра ўсё жыццё стварыла..."

Як мудра ўсё жыццё стварыла,

Як многа мне дало дабра!

Ёсць жаль і сум — чаканняў крылы,

І вернасць — сталасці пара.

 

Чыясь рука спаліць хацела

Страху ў цябе над галавой,

Ды меч праўдзівы ўзняўся смела —

І вунь ён, дом, пад сінявой

 

Стаіць, жыве. А дзе напасці,

Дзе ўдары чорных іх вятроў?..

І будзе, дружа, ў доме шчасце,

Пакуль ёсць добры свет сяброў.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан