epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Як пайшло маё сэрца

Як пайшло маё сэрца па беламу свету

Пакланіцца зялёнаму беламу лету,

Пакланіцца палям, і лугам, і барам,

І ўсім людзям — маім непаўторным сябрам.

 

Як там сталі даваць майму сэрцу дарункі:

Дзень — праменні аддаў, ночка — з зораў карункі,

Бор — сасновы свой звон, поле — ясную даль,

Луг — свой водар, а людзі — і радасць, і жаль.

 

Як прыйшло маё сэрца ў мяне запытацца:

Што рабіць, каб з багаццем такім не расстацца?

Я задумаўся сам: што рабіць, што рабіць,

Каб няпраўдаю сэрца сваё не разбіць?

 

Як задумаўся я, як паслаў свае мары

У блакіты нябёс, у зямныя абшары,

Ва ўвесь свет — дзе мужнее людская сям’я,—

Стала ясна мне бачна, дзе праўда мая.

 

— Як ты пойдзеш далей,— я сказаў свайму

сэрцу,—

Нясі песню жыццю і не знайся са смерцю,

Нясі сонца туды, дзе мяцеліць зіма,

Нясі радасць таму, ў каго сёння няма.

 

Як пайшло маё сэрца — ні многа ні мала,

Можа, год, можа, болей па свету блукала.

А калі мы сустрэліся ў ранне адно —

Яшчэ болей багацця прынесла яно.

 

Як мы стрэліся, сэрца не стала пытацца,

Што рабіць, каб з багаццем такім не расстацца,

Знала: трэба няспынна ісці і ісці —

Несці скарбы ў жыццё, каб іх мець у жыцці...

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан