epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Як у нас на трактарным заводзе

Карагодам звонка песня ходзіць,

Заглядае ў цэхі, будзіць хаты:

— Як у нас на трактарным заводзе

Самыя прыгожыя дзяўчаты!

 

— А чаму? А хто сказаў пра гэта?

— А таму,—

усім гаворыць песня,—

Што душа дзявочая сагрэта

Шчырай думкай, яснай марай весняй.

 

Марай той, што вырасла ў народзе —

Каб палі красой былі багаты.

Вось чаму на трактарным заводзе

Самыя прыгожыя дзяўчаты!..

 

Карагодам звонка песня ходзіць,

Скверы адгукаюцца, сады ёй:

— Як у нас на трактарным заводзе

Усе ў славе хлопцы маладыя.

 

Трактар зробяць — жыта шчасна родзіць,

Слова скажуць — іскры йдуць жывыя.

Вось чаму на трактарным заводзе

Усе ў славе хлопцы маладыя!..

 

Карагодам звонка песня ходзіць,

Бубнам б'е, звініць ля новых весніц:

— Як у нас на трактарным заводзе

Самыя найрадасныя песні!

 

А таму ў нас добрых песень многа,

Што ў нас кожны дзень багаццем поўны:

Што ні дзень — у працы перамога,

Слаўнага юнацтва ўзлёт цудоўны,

 

Што ні дзень — сустрэчы, наваселлі,

Што ні дзень — сяброўства гадавіны,

Добрыя, багатыя вяселлі,

Светлыя, шчаслівыя радзіны!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан