epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Як у спякоту..."

Як у спякоту

Знойдзенай расінцы

Птушка радуецца;

Як струменьчык,

Прабіўшыся з глыбінь,

Смяецца

Ад сонечнага святла.

Так я,

Убачыўшы

Вачэй тваіх радугу,

Забываю,

Што ты доўга

Далёкай

была.

 

Стаю разгублены:

Дзе мне дзець

Усё,

Што сабралася

Ў сэрцы

І зараз не можа

Утрымацца ў ім?..

Ды, пачуўшы гарэзнае:

«Ну, што стаіш, як мядзведзь?» —

Думаю шчасліва:

— Ты ўсё ж вярнулася...

Можа, і назусім...

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан