epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Якая справа мне да тронаў..."

Якая справа мне да тронаў,

Да троннай пыхі, да вяльмож!

Маё каханне — лес зялёны,

Лугоў прыволле, ціхі Сож,

 

Палі, красуючае жыта,

Шляхі з задумаю прысад.

Маё жаданне — свет абжыты,

Як у падпорках спелы сад.

 

Якая справа мне да пыхі

Вяльмож! Яе б не ўспомніў век.

Ды чую жаль —

Сіроцкі, ціхі,—

І крык бяздомных і калек...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан