epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Якія прыгожыя людзі

Якія прыгожыя людзі

Насустрач мне ўсюды ўстаюць.

Якія прыгожыя людзі

Мне рукі свае падаюць.

Якія прыгожыя людзі —

І юныя, і з сівізной.

Якія прыгожыя людзі

Ідуць у дарогу са мной.

 

Ці з працай цяжкою спазнацца —

Устануць без слова яны.

Ці трэба на подзвіг узняцца —

Заўсёды гатовы яны.

І ў шчасці, і ў радасці —

побач,

І ў дружбе, і ў справе любой,

І ў дні, калі стрэнеш жалобу,—

Падзеляць пароўну з табой.

 

Іду сярод іх і ў душы я

Трывожную думку нясу:

Няўжо ёсць пачвары такія,

Каб іхнюю знішчыць красу?

Няўжо ёсць хто-небудзь на свеце.

Што можа ім гора жадаць?

Крывавай бядзе, ліхалеццю

Прыгожыя сэрцы аддаць?!

 

Не, гэткага, веру, не будзе!

Знішчальна не ўстануць гады...

Такія прыгожыя людзі

Павінны мець шчасце заўжды.

Такія прыгожыя людзі

Павінны пад сонцам царыць.

Такія прыгожыя людзі

Народжаны вечнасць тварыць.

 

Іду сярод іх я,

і славу

Пяю ім,

і сэрца аддам

За права жыць з імі, за права

Служыць такім светлым людзям.

Я веру: свет быў наш і будзе,

І жыць будуць, як і жылі,—

Такія прыгожыя людзі

На гэтай чароўнай зямлі!

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан