epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Янкавы заняткі

Я пашыла свайму Янку

Сарачульку-дзіватканку,

А на ножачкі —

малыя

Чаравічкі віхравыя.

 

Чаравічкі — цок ды цок,

А ножачкі скок-скок.

Ах, вы, ножкі, не скачыце,

А лепш Янку памажыце.

 

Трэба, трэба майму Янку,

Перш чым бегчы на палянку,

Хатку чысценька падмесці,

Вады свежанькай прынесці.

 

Трэба Настачку-сястрычку,

Дарагульку-невялічку,

Пакарміць — хоць раз на дні,

Ды прыспаць — бай-бай, засні.

 

А яшчэ яму патрэбна

З печы дух падслухаць хлебны,

Каб прыбегчы:

— Бачыў сам:

Хлеб паспеў, вынь хлебца, мам!

 

І, счакаўшы з Янкам троху,

Мы вымаем з печы бохан:

Як ён пахне!.. Аж расцеш!..

Рэж, сыночак,

еш, еш!..

 

І тады з духмянай скібай

Імчыць Янка за сялібу,

І яго мне не пазнаць, —

Яго й ветру не здагнаць!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан