epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Яны

Яе ў машыне «хуткай дапамогі»

Прывезлі ў клініку. І наказалі ёй

Быць мужнай. Хоць ад смутку і трывогі

Яна не чула сувязі з зямлёй.

 

Чужыя людзі з ласкаю і ўцехай

Шапталі ёй: «Ты будзеш не адна...»

А той, каго кахала, не прыехаў...

— Няма?.. Не будзе... —

трызніла яна.

 

Жыццё магутнае ёй падарыла сына.

І хоць яшчэ маўчаў ён, як нямы,

З ім горда выйшла ў свет пасля пакут

жанчына

І ўпэўнена сказала слова: «Мы».

 

І ўсе, хто бачыў іх хвілінай тою,

Хто іх вітаў і хто глядзеў крадком,—

Адчулі, што яны не проста — двое,

А ўжо — сям’я, і гэтаю сям’ёю

Гаспадарамі ў свой увойдуць дом!

 

Настане час, да сына прыйдзе мова;

Навучыцца ён сэрца разумець.

І як жа стрэне ён таго сурова,

Хто не хацеў сягоння іх сустрэць...

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан