epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ясакар

Зажурылася вясна ў трывозе,

У слязах вясны зялёны твар.

Паміраў у полі, пры дарозе,

Падламаны бомбай ясакар.

 

Як ёй сына зберагчы ад згубы,

Зелянець каб і квітнець ён мог?

Выклікала сонца: — Яру любы,

Падары яму сваё святло!

 

Выклікала хмары: — Сёстры-хмары!

З ціхім громам, з радасным дажджом

Вы прайдзіце, хмары, над папарам,

Пагуторце, хмары, з юнаком.

 

Выклікала птушак: — Лесу дзеці,

Ад зары спявайце да зары.

Выклікала вецер: — Вольны вецер,

Ласку поўдня дрэву падары.

 

І свяціла сонца да знямогі.

Пелі птушкі. Дождж прыходзіў з хмар.

Вецер свежасць нёс.

Каля дарогі —

Ўсё марнеў і гінуў ясакар.

 

Цёплы сок сцякаў з глыбокай раны,

І стаяў з жаўцеючым лісцём

Ясакар, нікім не ўратаваны —

Ні вясной, ні сонцам, ні дажджом.

 

А тым часам з ранцам за плячыма,

У вайсковым простым шынялі

Чалавек вяртаўся на Радзіму

З тых зямель, дзе бітвы адгулі.

 

Ён ішоў і марыў, як ён дома

Будзе гушкаць сына на руках,

Як засее зерні пасля грому

Са сваёй брыгадай на палях.

 

Закрасуюць нівы на разлогах,

Харашэй яшчэ як да вайны...

І пачуў салдат па-над дарогай

Ціхі кліч заплаканай вясны.

 

І згадаў салдат, як з бацькам колісь

Ён тут гэта дрэва пасадзіў,

І ваенны гром, і бой у полі,

Дзе за плугам змалку ён хадзіў.

 

У агні і дыме ніклі далі,

Ён ляжаў тады, жывы ледзь-ледзь,

І крычаў: — Не трэба мне шпіталю,

Мне на сына трэба паглядзець!..

 

Ажывалі ў хлопца успаміны,

І, зямлю вітаючы сваю,

Ён сказаў вясне: — Не плач за сына,

Дружбаку я раны загаю.

 

Ў дзень сустрэчы радаснай з сям’ёю

Ён прыладзіў сам стальны нарог,

І глыбокай свежай баразною

Мірны след яго ў палях пралёг.

 

Дружбака лячыў баец не зеллем —

Навакола дрэва ўзбіў зямлю,

З каранямі вырваў пустазелле,

Кінуў зерні чыстыя ў раллю.

 

І зямля наверх пагнала сокі

З тых глыбінь, дзе дбайна берагла,

І адразу ясакар высокі

Пацягнуўся лісцем да святла.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан