epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Яшчэ адзін дзень

Яшчэ адзін дзень адыходзіў,

Як кажуць звычайна,— у вечнасць,

І я пры расстанні з ім

думаў:

А што ён для сэрцаў прынёс?

Якую апошнюю хвалю

Ёгі кіне ў паток быстрацечны —

Паток весялосці і смутку,

Бяздоннага шчасця і слёз?

 

Яшчэ адзін дзень адыходзіў,

Спакойна свяціўся зарою,

Гарэў-адцвітаў над палямі,

Над цішаю пушчаў і рэк.

І я падымаўся з ім разам

Над роднай, над любай зямлёю,

Над тымі на свеце шляхамі,

Дзе сёння прайшоў чалавек.

 

І з радасцю бачыў я нівы,

Што закрасавалі ў дзень гэты,

На дрэўцах — зялёныя стрэлкі,

І наваселлі ў дамах,

І кветку, што ў сонечным садзе

Сабою ўпрыгожыла лета,

І цёплыя, шчырыя ўсмешкі,

У добрых, у ясных вачах.

 

І так мне хацелася крыкнуць:

— Паверце, сябры мае людзі,

Я дзень не дарэмна таксама

Пражыў, каб ісці сярод вас!

Ды дзень мне сказаў на расстанне:

— За мною дзень новы прыбудзе,

Тады ўжо і скажаш. А сёння

Не трэба. —

І ціха пагас.

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан