epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ёсць яшчэ дуброва, ёсць паляна..."

Ёсць яшчэ дуброва, ёсць паляна,

Ёсць куток зацішны між ялін.

Нібы ў маладосці, нечакана

Можна там пачуць птушыны клін.

 

Гусі!.. Вось яны... Крычаць пра штосьці...

Кліч з блакіту — сіні сум расін...

Толькі не,

Напэўна,

У маладосці

Кліч той не пачулі б мы зусім.

 

Маладосці больш у вечнасць верыцца.

Маладосць упэўнена заўжды,

Што ў жыцці любое хутка вернецца,

Вернецца! — і лепшым праз гады.

 

Што там нейкі вырай, што трывога...

Шчасце сёння ёсць — дык, значыць, ёсць!..

Што ж... Каб не было ў жыцці такога,

Не была б і вабнай маладосць.

 

Не было б, магчыма, і вось сённяшняй

Гэтай хвілі радаснай тугі

Тут, дзе на паляне нашай сонечнай

Мы ўзышлі на вечныя кругі.

 

Сіні вырай... Сум з блакіту льецца...

Кліч расстання ў полымі гаёў...

І я чую: сэрца тваё б’ецца

Што ні міг званчэй — як і маё.

 

І я чую — з роднасцю адзінаю

Сэрцы нашы горнуцца ў журбе.

І, як мне, закутак між ялінамі

Сама страшна страціць і табе.

 

Гусі, гусі... З болем сугрунёвым

Адплылі за далеч бальшака...

І ў руцэ маёй, як ліст кляновы,

Сцішана трымціць твая рука...

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан