epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ёсць некаторыя ў нас «чалавекі»

Ёсць некаторыя

ў нас «чалавекі»:

Шчасце ўсё іхняе —

вінныя рэкі,

Ды каб у рэках тых —

бераг кісельны,

Ды па-над берагам

полаг вясельны,

Скрыпкі, ды скокі,

ды бражныя лекі...

Ёсць яшчэ гэткія

ў нас «чалавекі»!

Дай ім даброты

жыцця дарагія.

Ну, а хто зробіць іх?

Ясна ж — другія!

Ясна ж —

другія хай зробяць даброты!

Ну, а яны?

Ім нялюбы клапоты,

Хочуць без працы яны,

без клапот

Зведаць прывабнасці

ўсякіх даброт!..

Ім, што да лёгкай

чароўнасці ласы,

Скажам мы словам

вялікага часу,

Голасам тых,

хто сумленна працуе,

Хто сваёй славай дзяржаву мацуе,

Скажам ім цвёрда:

— Гэй вы, «чалавекі»,

Каб вам не сніліся

вінныя рэкі,

Вы рукавы закасайце

ды працай

Права здабудзьце

савецкімі звацца!

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан