epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ка*ня

Ці чулі вы, як плача ў лузе ка*ня,

Калі яе парушылі гняздо?

Здаецца, і світанак немым стане

Перад яе гаркотнаю бядой.

 

Хоць плач людскі гняце душу не меней,

Ды нам лягчэй —

спагадна ў грамадзе...

А птушка — хто яе цяплом сустрэне?

Хто ёй ад сэрца смутак адвядзе?

 

Аднойчы ўбачыў я на расцяробах,

Дзе прасвістаў бязлітасна свінец,

Як білася з галошаннем-жалобай

Малая птаха грудкай аб свінец.

 

З тае пары да скону дзён маліцца

Гатоў на сто ікон, на сто званоў,

Каб толькі пра той крык мне не забыцца,

Каб толькі не пачуць яго мне зноў.

 

Здаецца, свет стаіць на кволых ножках

Маркотнай кані ў час вечаравы,

Калі нясе яна сваю малую ношку —

Яечка —

ў новы схоў сярод травы.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан