epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Каб нягоды і радасці змераць..."

Каб нягоды і радасці змераць

І прайсці праз надзеі і ростань,—

Трэба —

ў сябе паверыць,

А гэта — не так проста...

 

У сябе на шляхах пакручастых

Паверыць — гэта навука.

Гэта даецца часта

Самай вялікай мукай.

 

Не выхваленнем, не захапленнем

Самім сабою.

А горкім душы гарэннем

І па самім сабе —

пальбою.

 

Не раз давядзецца мо ўпасці,

І ўстаць будзе цяжка без меры...

І ўсё ж, калі ёсць яно, шчасце,—

Дык жыць для такое вось веры.

 

Дзе дума, дзе боль, дзе трывога,

Дзе з радасцю разам і страта...

Дзе знойдзеная перамога —

Не вынік, а толькі пачатак...

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан