epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Кахаем, пэўна, раз — і толькі..."

Кахаем, пэўна, раз — і толькі.

А ўсё астатняе — шуга.

Сухія выцвілыя болькі

І пацяруха-мітульга.

 

Каханне ходзіць толькі ціха,

Яно не чуецца здаля.

Яно — як маці-парадзіха,

Што песціць вокам немаўля.

 

Каханне ходзіць толькі горда,

Але балюча боль нясе.

Бо сэрца, хоць і будзе цвёрдым,

А крыўды вынесе не ўсе.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан