epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Каля пажараў прыкурвалі..."

Каля пажараў прыкурвалі,

У касках варылі гарбату.

Спявалі з вачмі пахмурнымі

Аб нівах сваіх і хатах.

 

Зайздросцілі ўсім параненым,

Жадалі ім радасці ўсякай.

А потым па росах ранішніх

Адважна хадзілі ў атаку.

 

Ля трупаў чужых вячэралі

Ды зноў набівалі набоі.

Стралялі ў пацёмкі шэрыя,

Трывожачыся без бою.

 

Над брацкай магілай шчырую

Слязіну зганялі без слова.

І цяжка — як птушкі к выраю —

Спяшаліся ў шлях суровы.

 

На гонях, дзе бура гойсала,

Шукалі такое дарогі,

Дзе б трошкі маглі агойтацца

І сэрца, і рукі, і ногі.

 

Але пасля бойкі бачылі,

Што жыў яшчэ люты вораг.

І тут жа

рукой гарачаю

Старанна сушылі порах.

 

Ізноў ад кастроў прыкурвалі,

Тужылі па родных хатах

І рушылі ў свет разбураны

 

Вялікай зямлі салдаты.

 

Маскоўскія, з Оршы, з Кірава,

Чарнігаўскія ды данскія,

Якіх апяюць

са шчырасцю

І Вільнюс, і Мінск, і Кіеў.

 

І, пэўна, ніякай сілаю

Ніхто іх нідзе не спыніць,

Пакуль

за краіну мілую

Іх сэрцы балець не кінуць.

 

А як гэты боль —

бясконцы,

То век ім не знаць спакою

І вечна спяшаць пад сонцам

Па грознаму клічу: «К бою!»

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан