epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калі хто-небудзь сумаваў..."

Калі хто-небудзь сумаваў

За цэлы век, на цэлы век,

Дык гэта я — між зор і траў,

Між хмар праменістых і рэк.

 

Калі хто-небудзь сцішыць мог

Той боль, што я з тугою нёс,

Дык гэта ты —

зямны мой бог

З каронай сонечнаю кос.

 

Ды, як і ўсе ў жыцці багі,

Слых, пэўна, страціла і ты.

І смех твой стаў такі пусты,

А словы сцюжаць, як снягі.

 

І я з табой, і я адзін,

Ідзём, а смутак — навакол.

І сінім холадам ільдзін

Звініць наперадзе мой дол.

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан