epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калі цкавалі Каперніка..."

Калі цкавалі Каперніка,

Ён крычаў: «Усё роўна галоўнае — Сонца»

Калі вялі каты на шыбеніцу

Майго аднагодка палоннага,

Ён крычаў: «Усё роўна жыццю — жыць!..»

Чаму ж я сягоння

Успомніў пра ўсё пра гэта

Толькі пасля таго,

Як прайшоў міма,

Міма найстрашнейшай вулічнай сцэнкі —

Дзе адзін чалавек калючым дротам

Аплятаў, агароджваў

ад суседзяў студню,

Каб яны

не бралі з яе вады?!

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан