epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Калі я дамоў прыеду

Калі я дамоў прыеду,

Ўсіх трывог зазнаўшы меру,

Пасцялі ты мне, матуля,

Пасцялі пасцель з аеру.

 

Ён расце ў нас недалёчка —

Ля Сажа, каля прычала.

Ты ж заўжды — з маленства помню —

Мне пасцель з аеру слала.

 

Слала, думала аб лепшай,

Думкі з песняю ляцелі.

Толькі лепшае пасля я

Не знайшоў нідзе пасцелі.

 

Па франтах ішоў — вайна мне

Пад бакі кідала жорны,

Перапаленыя вёрсты,

Ланцугі акопаў чорных.

 

З бою выйшаў — на руінах

Доўга клаўся галавою,

Пакуль з домам сваім новым

Не ўздыхнуў пад сінявою.

 

Ну, а потым — апынуўся

У абдымках, нібы цаца.

І пад мляваю пяшчотай

Стаў пра мары забывацца.

 

Нават сноў няма ў пярынах,

Іх я ласкам больш не веру...

Пасцялі ты мне, матуля,

Пасцялі пасцель з аеру.

 

Не зважай, што не юнак я,

Што прайшло гадоў багата,

Не бяда, калі цяпер мне

Будзе трохі мулкавата.

 

А затое я адчую,

Што ізноў навек з табою:

І з надзеямі тваімі,

І з уцехай, і з журбою —

 

Са святлом душы, якога

Столькі трэба мне заўсёды —

І для пошукаў бясконцых,

І на новыя паходы.

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан