epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Калі я ляжаў пад месяцам

Калі я ляжаў пад месяцам

І кроў аж сучылася з вен,

Мне снілася,

як маці хлеб месіць

І ў цеста прасейвае кмен.

 

Калі я ляжаў пад месяцам

І рану заціскаў рукой,

Пачуў я,

як птушаняты песцяцца

У заранчыным гняздзе над ракой.

 

Калі я ляжаў пад месяцам

І прытомнеў,

я заўважыў,

як збоч

Агністая смолка месціцца,

Што ля мяне прарасла за ноч.

 

Калі я ляжаў пад месяцам,

Я ўбачыў,

як світанак імжыць...

І, можа, таму пад месяцам

Я і застаўся жыць.

 

І, можа, таму й не туманіцца

І не хмурыцца мой небакрай,

Што з-пад месяца, з крыві,—

пад раніцу

Вярнуўся я ў родны край.

 

1974

 

І лебяда паўз меж, і палыны,

І ад шчаўя гаркавая аскома —

З гадоў маленства

мне былі яны

Прыкметай вернай, што я дома, дома.

 

І малачай, і пырнік на раллі,

І дурнап’ян пад азяродам спрахлым —

Якою радасцю пяклі,

калі

Аднекуль раптам

з дымам бою пахлі.

 

Ёсць вабны воблік ружаў, як царыц,

І позірк гіяцынтавы панадны,—

Мяне ж заўсёды цягне ўпасці ніц

Перад мяцёлкай піжмы непрыгляднай.

 

За ўсе на свеце водары зямлі

Я не аддаў бы водар кураслепа

І тых няяркіх зёлак, што цвілі

За матчынаю хатай, каля склепа.

 

Даруйце ўцехі сённяшняга дня —

Фіялкі, лаўры, люстры і святліцы...

Жыву душой —

дзе мята ля плятня

І пад акном

бярозаў завушніцы...

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан