epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калі каса лагчыну косіць..."

Калі каса лагчыну косіць,

З высокіх траў кладзе валы,

Хто чуў, як жыць сцяблінкі просяць,

Хто думаў пра іх лёс малы?

 

А хто — калі і дзе па свеце —

Пытаў у стромістай сасны,

Што лепш ёй: кідацца пад вецер

Ці быць ёй дошкай для труны?

 

Даруй мне, сябра, хвілю смутку.

Але баюся — і ў мяне

Ударыць хтось... і нічагуткі...

Ніхто і пальцам не кіўне...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан