epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калі мне будзе так гаркотна..."

Калі мне будзе так гаркотна,

Як не было яшчэ не раз,—

Прашу цябе: будзь самай роднай,

Зрабі, каб я душой не згас.

 

Прашу цябе: вярні нанова,

Хаця б на міг адзін вярні,

Акно, дзе, як надзей ахова,

Жывуць вачэй тваіх агні.

 

Вярні ля тых агнёў чаканне,

Які б ні быў ён, твой прысуд.

І хай ні слова, хай маўчанне...

А толькі б ведаць: ты ўсё тут...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан