epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калі мне будзе вельмі тужліва..."

Калі мне будзе вельмі тужліва,

Калі апануюць смутак і золь,—

Дазволь мне наш дзень,

дзень прызнанняў, успомніць

І сэрцам паклікаць цябе дазволь.

 

Калі мне будзе вельмі тужліва

і з кожнай хвілінай — усё не лягчэй,—

Дазволь мне ў святую журбу тваю

верыць,

У даўні спалох тваіх сумных вачэй...

 

— Я дазваляю, я дазваляю,

Ды толькі прашу цябе, мой дарагі,

І згадвай, і клікай мяне —

як калісьці,

Не толькі ў хвіліну цяжкое тугі.

 

Далёкія радасці згадвай заўсёды,

Заўсёды трывогай той дзень узвяліч...

І вер — праз усё: праз агонь і праз воды

Да сэрца адданага

дойдзе твой кліч!..

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан