epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калі пярун вайны малоціць пожню..."

Калі пярун вайны малоціць пожню,

І твой акоп абернецца — чакаеш,—

У гэты міг, па-грознаму святошні,

Каго ты ўсёй душой успамінаеш?

 

Ці матку, што табе душу і сэрца

Дала, каб зберагаў іх аж да смерці,

Ці тую, сінявокую, каторай

Аддаў ты ўсё — на шчасце ці на гора?

 

Калі пярун вайны малоціць пожню

І ты развязкі з мужнасцю чакаеш,—

У гэты міг, па-грознаму святошні,

Ты ўсё, ты ўсіх, мой брат, успамінаеш.

 

І словы маткі, сказаныя з ласкай,

І даўні дзень, што быў дзівоснай казкай

І жончын смех...

І ты клянешся зброяй,

Што ім заплоціш вернасцю адною.

 

І столькі сілы ў словах ачышчэння,

Як быццам іх кавала кузня века.

І упэўнен ты, што стане на калені

Жуда вайны прад воляй чалавека.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан