epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калі ты ў свет прыйшла, нянавісць?.."

Калі ты ў свет прыйшла, нянавісць?

Няўжо тады, як і любоў?

Адкуль ты?

Дзе ўзяла ты завязь —

У душах панства ці рабоў?

 

Стаю, як цень, перад табою,

Пра літасць нават і не сню.

Усё даўно пазнаў я:

з боем

Выходзіў з бур, вады, агню.

 

Усё, здаецца, мог бы здужаць.

А твой сакрэт і не спасціг.

 

Вунь людзі, нібы лісце, кружаць...

Як ад цябе забраць мне іх?


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан