epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калі зазвініць..."

Калі зазвініць

У высокім блакіце

«Кур-лы...» —

Каб нанова

Вясну абвясціць,—

Ці ж не цяплеюць

Ад шчасця, скажыце,

Столькія сэрцы:

— Вырай ляціць!

 

Тады адступае

Прад радасцю смутак.

Сціхае наўсцяж

Кананада прамоў.

І нават ракеты

Зменяць маршруты

Перад выраем,

Што ляціць дамоў...

 

Стаім, углядаемся

У ціхія высі,

Адкуль далятае

Так звонка «кур-лы»...

І кожны ўлюбёна

Душой сваёй зліўся

З тым клічам вяртання,

З тым спевам хвалы...

 

Ды раптам

бяжыць

Устрывожана маці

У хату...

— А бож...

А мая ж галава!..—

А там —

і ў калысцы —

Маленькая Каця

Шле выраю песню:

— У-а, у-а...

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан