epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Калода карт. Адна калода..."

Калода карт. Адна калода.

Яе тасуюць сяк і так.

Адна ў банкрутаў асалода —

Сарваць, прайграўшы, хоць пятак.

 

Пацеюць, тужацца, гіруюць,

Хто больш — збіраюць казыры.

Часамі брудна захітруюць,

Часамі пусцяць пухіры.

 

І хай бы!.. Што ж... Няхай гуляюць,

Пакуль яшчэ бягуць іх дні...

Ды вось бяда —

яны жадаюць,

Каб свет быў з імі ў той гульні...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан