epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Калыханка

Ці ўначы,

калі неба і вуліцы ў зорах,

Ці ў няўрымслівы поўдзень,

Ці гулкім світанкам —

Над галоўкаю

Сына майго

родны горад

Схіляецца

і пяе

калыханку.

 

Не!

Не ціхую байку

складае краіна,

А ў жывым,

неўгамонным, працоўным жыцці

Для яго,

Для малога,

Для любага сына

Робіць свет,

дзе б ён змог сваё шчасце знайсці.

 

Радасць першай прысягі

са слоў піянера,

Звонкі рокат машын

на рабочай дзялянцы,

Кліч фабрычных гудкоў,

гоман паркаў і сквераў

Сыну горад нясе

у сваёй калыханцы.

 

Ён нічога

ад сына свайго

не хавае —

Ні вясёлага смеху,

ні ласкі,

ні слёз,

Хоча ён,

каб хлапчук для бацькоўскага краю,

Як баец,

непахісным і мужным узрос.

 

Ён хацеў бы схаваць

хоць на хвілю якую

Ад яго

гул драпежнай вайны на планеце.

Але што,

калі кожнай крывінкаю чуе

Сэрца сына,

як плачуць карэйскія дзеці...

 

І таму

не спыняецца ў працы

мой горад,

Падымае з натхненнем

свой молат стальны,

У гарніле

гартуе

чырвоныя зоры,

Сталь куе,

каб прагнаць

нават прывід вайны.

 

Толькі сціхне на міг,

адганяючы стому,

І ўжо зноў у паходзе, у руху, у працы.

Для дзяцей сваіх любых

яму, як нікому,

Колькі трэба паставіць

цудоўных палацаў!

 

І ўсміхаецца сын

і, прымаючы ласку,

Гоман горада

ловіць у сэрца з акна.

Па-над ім

расцвітае —

не ў байках, не ў казках,

А ў жыцці —

залатая Радзіма вясна!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан