epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Калыска вятроў (Паэма)

Разгайдалася калыска вятроў,

Пушча грыміць грозна...

Просіць маці сваіх сыноў:

— Не баўцеся ў лесе

позна.

Не баўцеся позна,

Бо на пароме завозна,

Не паспееце

Сож

Пераехаць да ночы...

А калыска вятроў

Сціхаць не хоча:

Чуеце? —

Стогнуць яловыя шаты?

Чуеце? —

Дуб скаланаецца ў гудзе?..

 

— Не бойся,

Мамачка,

Доўга не будзем:

Дроў напілуем

І —

Га*йда дахаты!..

 

Чакае маці

Сыноў дамоў,—

Вось ужо і ноч у вокны,

А іх няма...

Ад сумных думоў

Сэрца

Трывожна ёкае.

Што з вамі сталася,

Дзе вы, сыны,

Чаму вы

Зараз

Не ў хаце?! —

Гукае маці

Сыноў...

А яны...

Дзе ім

Да клопату маці!..

Захацелася ім,

Цікаўным, пазнаць —

Далёка яна ці блізка,

Тая вятроў калыска;

Што* там вятры

Растрывожана сняць,

Чаму так

Шумяць над прасекай?..

Даруй ім,

Матулька,—

Як скрозь дараваць

Ты ўмела

сваім дрывасекам...

Апынуліся

Любыя твае сыны

Каля кастра начнога...

Не бойся,

Матулька,

Яны не адны,

Хай сціхне

твая трывога...

Ёсць возера ў лесе,

Лугі навокала,

Зялёная сенажаць.

Тут партызанскія

Мужныя сокалы

У брацкіх магілах ляжаць.

Паставіў калісьці,

Як светлы будан,

Хатку сабе тут

Герой-партызан,

Жыве ў ёй дагэтуль,

Не можа пакінуць,—

Як вартавы

Пры адвечным агні,—

Месца,

Дзе ў грозныя даўнія дні

Брат яго родны

Адзіны

Загінуў;

Дзе над матулінай

плакаў дамоўкай,

Выйшаўшы

З лютай блакаднай начы...

Дзе развітальнае

Слова

Не моўкла:

Таварышаў

Паўшых

На вечны спачын

Праводзілі...

Тут, каля гэтае хаткі,

Хлопцаў і стрэў

Партызан-ветэран...

Побач, за хаткай,

Зялёныя лядкі:

Звесіў сланечнік

Галоў на паркан,

Пахне

Мацейкамі,

Мятаю, кропам,

Мальвы цвітуць —

Як адна, на падбор...

Тут, над старым,

Здзірванелым акопам,

І падкідаюць

Дроў хлопцы

Ў касцёр...

— Вось яна, тут,—

Партызан ім гаворыць,—

Тут яна,

Тая калыска вятроў...

Ранкам,

Як стухнуць

Высокія зоры,—

Возера ўбачыце...

Тут, між бароў,

На неаглядных

прасторах азёрных

Колькі вятры панасілі чаўны!

Колькі

Радзімы сыноў непакорных

Тут

Узрасло

Ў дні вялікай вайны!

Колькі тут гневу

Народнага выспела!

Многа

Байцоў

Рыхтавалася ў бой —

На берагах азяровых,

На выспах,—

Каб ахаваць

Край бацькоўскі

сабой.

Вось дзе для ворагаў

спелі вятры,

Вось дзе для іх

нараджаліся буры

Як усходзіцца бой —

Ажно стогнуць бары,

Ажно неба

хмурынамі хмурыцца!

І тады — узвіхрыцца

Азёрная даль,

Аж падысці не можна...

Калыска вятроў

Кідае трывожна

Азёрныя хвалі

Пад неба амаль.

І гоніць валы,

І — бы ў звон які б’е,

Нікому на свеце заснуць не дае;

І толькі тады сціхае,

Калі пасля бітвы

Прыйдуць да яе

Абаронцы

Роднага краю.

Тады

Так лагодна

Вадзіцай сваёй

З гаючай, глыбіннай

Яе чысцінёй —

Напоіць змаганцаў,

Абмые ім раны...

І свеціцца далеч

Ласкава, люстрана,

І дыхае возера

не разгайдана,—

Вартуе іх сны,

Пакуль зноў ім

у бой...

Вядзе сваё слова

Змаганец былы

Геройскай зямелькі

айчыннай,—

І хлопцам здаецца:

Сціхаюць валы

Азёрныя,

Што без спачыну

Грымелі ад ранку

па гэты вось час —

Хвалюе і іх, мусіць,

воіна сказ...

І хочацца хлопцам

Пад ззянне кастра

Ўсё слухаць героя,

пакуль аж зара

Не скажа аб новым світанні,—

І просяцца

З сэрцаў

У хлопцаў пытанні

Пра ўсё, што ашчадна

У памяць сабраў

Герой,—

Пра народа змаганне.

Янка:

— Дзядуля,

Скажы, а ці праўду

мы чулі,

Што самым адважным —

З герояў — герой —

Лясны камандзір быў?

Ні бомбы, ні кулі

Яго не краналі

ніякай парой?..

Ці праўда, дзядуля,

Што лютыя каты

Заўжды абміналі

Той гай і той бор,

Дзе — зналі —

Нахопіцца

коннік крылаты —

Лясны камандзір,

У баі — як віхор?

І куляй гарачай

фашыста загубіць,

І шабляю вострай

Нашчэнт пасячэ?..

 

— Так, так, гэта праўда,

Саколе мой любы,

Герояў такіх

Свет не бачыў яшчэ!

Нават нельга

Злічыць чужаніц,

Колькі

У бойках лясных

Ён панішчыў!

Шчэ й цяпер

У вушах зазвініць

Яго шабля

І грозна засвішча.

І цяпер,

Хоць зайдзі ў кожны двор,

Табе ўсе —

І стары і малое —

Скажуць сказ

Пра асілка-героя,—

Які быў ён

Змагар-вярнігор.

Як ішлі з ім

мы ўсе,

змагары,

У атакі

на сілу ліхую,—

Аж да сённяшняй

Светлай пары

Люд вакольны

«Ура» наша чуе.

Як пускаў

наш атрад

цягнікі

З падарваных мастоў

пад адхоны,—

Гэта ўспомніцца

і праз вякі,

Пакуль жыць будзе

Свет наш зялёны.

Як ішлі

з камандзірам сваім

Прарываць

чужаніцаў аблогі,—

Знайце, дзеткі,—

Ніколі аб тым

Не забудуць

Шляхі Перамогі!..

Дзімка:

— А скажы нам, дзядуля, ці знала

За франтамі

Радзіма пра вас?

Як вам свой

прысылала наказ?

Як падтрымку сваю

прысылала?

Вось каб быў я,

Дзядуля, тады

Сярод вас

Вашым чуйным

радыстам!

Я злавіў бы

Ў эфіры ўсё чыста,

Усе далечы,

Ўсе гарады.

Я б звязаўся

з зямлёю Вялікай,

З усёй роднай

савецкай зямлёй,

Дзень і ноч

неразлучны быў з ёй,

Калі трэба —

падмогу клікаў,

Расказаў бы,

як славіць рады я

Партызанскую

Нашу сям’ю...

Як люблю я, дзядуля,

радыё!..

Каб ты ведаў,

як я люблю!..

 

— Добра, ўнуча,

Што ты ў нас такі! —

Ажно свеціцца

Твар ветэрана...

Разгарацца

Ў касцёрку

Сучкі,—

І агеньчык

Шчыруе,

Старанны...

То адзін

З цемры выхапіць твар,

То другі —

Асвятляе ў мігценні.

Быццам шле

Пазыўнымі ў абшар

Светлым шыфрам

Хлапцоў летуценні.

 

— Добра, ўнукі,

Што гэткімі ўсе

Вы ўзрастаеце

Ў час ясназоры!..

Ўсё пяройдзе

Да вас

Пакрысе...—

Партызан

Да нашчадкаў гаворыць.—

Давядзецца

Канчаць

Усё вам,

Што бацькі пачалі,

Што стваралі,

Што ў жыцці

Рыхтавалі сынам,

За што ў бітвах

Нязломна стаялі.

Можа, й нам

Яшчэ выпадуць дні! —

Ратаваць

Ад навалы

Край родны.

Вывяраць

Мужнасць сэрца

ў агні,

У цяжкой

Выпрабоўцы

паходнай.

Вось тады,

Як заўжды,

зноў і зноў

Кожны з вас

Неаднойчы спазнае,

Што Радзіма

Ніколі

Сыноў

Без пяшчоты сваёй

Не кідае.

Так і ў нас было...

Ў буднях цяжкіх,—

Ці баёў,

Ці шалёнай блакады,—

Не кідала яна

Ні на міг

Нас

Без ласкі сваёй,

Без спагады.

Знай, і ў нас там

Радысты былі,

Пасылалі дэпешы ў палёты.

І спяшалі

з Вялікай зямлі

З дапамогай

Сюды

Самалёты.

І граміла

Ліхіх чужаніц

Ад Народа

Прысланая зброя.

Вось таму

На шляхах навальніц

І раслі ў нас

Бясконца

Героі...

Косцік:

— А скажы пам, дзядуля,

Чаму так,—

Хоць баі

Адгрымелі даўно,

Часам кожны

у лесе закутак

Так цямнее —

Аж зор не відно?

Хоць пара баявая

Не блізка,

Зараслі дзірваном

Курганы,

А — вятроў

не змаўкае

калыска,

Быццам чуе шчэ

Грукат вайны?

Вось як сёння —

Няспынна, няспынна

Гоніць возера

горы-валы,—

Аж трашчаць

У хваін вершаліны,

Аж дубовыя

Стогнуць

Ствалы?..

— Гэ, саколе,

Хоць доля-нядоля

Сёння бачыцца

толькі здаля,

Ды вайны ліхалецця

Ніколі

Не забудзе

Ўся наша зямля,

Хоць і сталі

Легендамі былі,

Песняй стаўся —

Хто яваю быў,—

Хоча край,

Каб мы

бур

не забылі

І ніхто каб

Пра іх

не забыў.

Вось таму

І грыміць часам

з болем

І лясная

Й азёрная даль,—

Замест

Светлых уцех і патолі

Нясе ў сэрцы

Журботу і жаль.

А яшчэ —

Каб не ціх напамінак

Катам лютым,

Чужынцам усім,

Што навечна

Пра нашу краіну

Нават сніць

Не дазволена ім!

Рэха боек

Хвалюе прасторы —

І зямельку,

І сінь-небакрай,—

Каб знаў-ведаў

І памятаў вораг,

Што заўсёды

На варце

Наш край!..

 

А бывае,

Што хоча даць выйсце

Свайму смутку

Калыска вятроў —

Ў тыя дні,

У якія калісьці

Мы хавалі

тут

Паўшых сяброў.

Ці ў час сцюжны,

Ў зімовую замець,

Ці ў час летні,

як сёння,— такі,—

Пабягуць

ва ўсе свету куткі

Да людзей,

і ўстрывожаць іх памяць,

І ўсхвалююць іх

Гулкія ветры,

Каб згадаліся даўнія дні,—

І лясныя

гудуць тады

нетры,

І няма

і для душ

цішыні...

Але заўтра

Вы ўбачыце ўранку,

Калі сціхнуць

вятроў галасы,

Толькі золак

расой адтуманіцца,

Колькі тут

Навакола

Красы!

Як лагодліва

І непрытворна

Лашчыць ранак

Дыханнем сваім.

Колькі ўцехі

Ў раздоллі азёрным,

Колькі радасці

Ў гуле лясным.

Аж зайздросна

З вышынь пазірае

Само сонца

ў закуцце бароў,—

Так люстрана

праменіцца, грае

І смяецца

калыска вятроў!..

То ледзь дыхае

чуйны касцёр,

А то ўвысь раптам

 

Полымя ўсхопіцца...

Усю ноч

Аж да ранішніх зор

Партызана

слухалі хлопцы.

Колькі раз

То ў паходах крочылі,

То ўяўлялі баі

ў задуменні.

Але вось

Знебылася і ноч,

І зайгралі

На ўсходзе

праменні...

І адкрыўся

Гарачым вачам

Кут,

Хвалюючай радасці поўны.

Вунь пад шатамі вольхаў —

прычал,

Вунь — паўз сітніку

Гонкія чоўны.

Гладзь азёрная,

Неба блакіт,

Бор аж бронзавы

Ў сонечных промнях.

І буслы

На вяршынях ракіт,

І стрыжоў

Лёт нястрымны, нястомны.

Быццам зніклі

Ў глыбінях зямлі —

Гул вятроў,

Хваль азёрных буруны.

А над краем

Плылі,

І плылі,

І звінелі

чароўныя струны.

Столькі ў сэрца

Ішло пекнаты,

Што здавалася:

дзе яе змесціць...

О матуля!

Сказала б хоць ты,

Як яе

Да цябе ім данесці?..

Не хвалюйся,

Матуля, за іх,

Не сумуй,

Не схіляйся ў трывозе:

Хутка ўбачыш усіх,—

Утраіх

Хутка ўстануць

На родным парозе.

Толькі ты

Не здзіўляйся, калі

Што-нішто

Не пазнаеш у любых,—

Бы адразу

За ноч падраслі,

Бы аддаў хто

Свой гарт русачубым.

Вось стаяць яны

З ціхай журбой

Пад святой

Цішынёй

Абеліскаў.

І зусім

не калыска вятроў,

А іх думаў

Тут зараз калыска.

Іх пачуццяў,

Дзе прага вясны,

Дзе нашчадкаў

Удзячнае слова

За нягаснучы

подзвіг суровы,

За жыццё

На шляхах без вайны.

Ярка блішча

Азёрны прасцяг.

У дубровы

Задумлівы гоман.

Затрымаліся хлопцы ў гасцях,

Паўз рачулкі

Спяшаюць дадому.

А праводзіць іх

Мужны герой —

Партызан,—

Вось рукой ім махае,

На жыццё

Самай шчаснай парой

Ад герояў усіх

Бласлаўляе...

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан