epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Камень на Нямізе

Чыімі рукамі

Занесены ён на Нямігу,

Цяжкі гэты камень,

Не камень, а цэлая кніга?

 

Мо бомба чужая

Закінула з плошчы ў навалу?

Відаць, як без жалю

Жалезам яго пакрамсала.

 

Але ўсё ж не гэтым

Нашчадкам цікавы ён будзе,

Другія прыметы

Пакінулі каменю людзі.

 

Тут з песняй шторана

Сякеру сваю перад працай

Вастрыў я старанна,

Каб менш над бярвеннем стамляцца.

 

А каменшчык слаўны,

Прад тым як пакласці цагліну,

Рупліва і дбайна

Рыхтуе на ім сваю гліну.

 

І муляр пакінуў

На камені з фарбаў узоры —

Не то журавіны,

Не то сюды ўпаўшыя зоры.

 

І вось вечарамі,

Ацёршы спацелыя твары,

Прысеўшы на камень,

Мы курым з сябрамі і марым.

 

Калі нашы людзі

Свой горад падымуць нанова,

Што з каменем будзе?

Якое пачуе ён слова?

 

Мы б моцна жадалі,

Каб тут ён навекі застаўся.

Унукі б чыталі

Па ім, як іх лёс нараджаўся.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан