epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Камсамольскі білет

Калі партыя з ласкай прымала мяне

У рады свае слаўныя, ў ясны свой свет,

Папрасіў я сяброў, каб, як сонца вясне,

Мне пакінулі мой камсамольскі білет.

 

Хай ён будзе са мной, каб мне чулася скрозь

Рэха дзён веснавых, як сяброўскі прывет.

Ён навек захавае ў душы маладосць

І імпэт яе — мой камсамольскі білет.

 

Каб я помніў, як радасна першы пралёг

У прастор прамяністы

юнацкі мой след,

Як выводзіў мяне на бязмежжа дарог

І расціў мяне мой камсамольскі білет.

 

Каб да веку свайго, да апошняй вярсты,

Так нястомна вышукваў навукі сакрэт,

Гарады будаваў, вёў да высяў масты,

Як вучыў мяне мой камсамольскі білет.

 

Ты вядзі мяне, партыя, ў радасны шлях,

Ў тую даль, дзе цвітуць камунізма агні.

І святлом іх азорыцца сэрца ў грудзях,

І заззяюць наноў камсамольскія дні.

 

І ніколі ў краіне жыццю не старэць,

І заўсёды быць пільным вачам маладым,

І, як медзь, непадкупнаму слову грымець,

І палям зелянець, на якіх мы стаім.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан