epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Каму-небудзь

Каму-небудзь

Трэба было і жыць астацца.

Каго-небудзь

Трэба было з вайны дачакацца.

 

Каму-небудзь

Трэба было без прывалу

Прыйсці адразу

Да вострых плугоў і сявалак.

 

І хаты ставіць,

І гарады будаваць нанова.

І сшыткі правіць,

І песціць гарачае слова.

 

Каго-небудзь

Трэба было каханнем

Зрабіць шчаслівым,

Хоць і згарэлі

ў вайне спатканні.

 

Каму-небудзь

Трэба было ў клапотах

Рассейваць радасць,

Надзеіць сэрцаў палёты.

 

І верыць мужна,

І марыць пра заўтра

натхненна,

І ў далі засмужанай

Бачыць жыццё праменным...

 

Не дакарай жа

Сябе ты,

верны мой дружа,

Што не застаўся

З сябрамі ў карэльскіх сцюжах,

 

У Падмаскоўі,

На сталінградскіх кручах,

На беразе Шпрэе,

У Балтыкі хвалях зыбучых...

 

Ёсць дзеці і ўнукі,

Хто іх пад крыло сваё прыме? —

Вядзі іх нястомна

На сцежкі служэння Радзіме,

 

Любою парою

Вучы іх з ахвярнасцю знацца

І перад бядою

Ніколі нідзе не спыняцца...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан