epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Камуніст

— Завіце мяне камуністам! —

Сказаў ён сябрам перад боем,

І першы пайшоў у атаку,

І першы вязьмо агнявое

 

Прарваў, што сціскала пагрозна

Ад пушчаў да сіняга мора

На шэрых параненых скалах

Праслаўлены Балтыкі горад.

 

У бойцы ударыла сталлю

Яму па гарачаму твару.

...З крыві ля варожага дота

Байца паднялі санітары.

 

А ў поўдзень прыйшла перамога.

Спяшала на захад пяхота.

І бачылі хлопцы парторга,

Хадзіў ён ад роты да роты,

 

Хадзіў ён, сціскаючы зброю,

Вялікай тугой апавіты,

Ды чуў толькі словы:

— Прыходзька?

— Прыходзька, напэўна, забіты...

 

Асабістая справа:

Заява,

Заява яшчэ без рашэння,

Як вечная памяць аб сыне,

З парторгам ішла ў наступленне...

 

А юнак гэтым часам

Далёка

Блукаў па вайсковых шпіталях.

Гаіліся раны, і вочы

Ўжо тыя дарогі шукалі,

Дзе з славай цяпер яго рота

Імкнулася з бою да бою.

— Зноў дайце мне зброю! — прасіў ён.

Але не далі яму зброю.

 

Камісія. Важны прафесар.

Суровы прысуд медыцыны.

Патрэбны спакой і папраўка,

Паветра і вітаміны.

 

— Не трэба ! Таварыш прафесар!

Мне толькі дваццаты год!..

...Юнак не вярнуўся ў пяхоту.

Але ён прыйшоў на завод.

 

Нялёгкі быў першы пачатак

На новай дарозе.

Руіны.

Пустэча.

Над горадам родным

Самотны ускрык жураўліны.

 

Але не шукаў ён ніколі

Для сэрца спакойную прыстань.

— Я ж колісь прасіў перад боем,

Каб звалі мяне камуністам!

 

Адроджаны ўзняўся над краем

Будынак з бетону і сталі.

Начамі і днямі няспынна

Плылі пад рукамі дэталі.

 

І ўжо да яго за навукай

Прыходзяць яго аднагодкі,

Нядаўніх баёў радавыя,

А сёння байцы пяцігодкі.

 

Ён вучыць іх шчыра, і песня

Пра іх у краіне пяецца...

І лёс прысудзіў

На заводзе

З парторгам палка яму стрэцца.

 

— Прыходзька!..—

Успомніўся хлопцу

Мінулага голас вячысты.

— Таварыш!

Вось ваша заява.

Вы ў славу ўвайшлі камуністам!

 

Быў сход урачысты і людны.

У сэрцах свяцілася свята.

Партыя!

Вяла ў сваіх шэрагах партыя

Працаўніка і салдата.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан