epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Камусьці здавалася..."

Камусьці здавалася,

Што калі ён не будзе глядзець

у бок усходу,

Дык сонца не ўзыдзе,

Не асветліць свету,

І зямля зальецца слёзамі

І папросіць літасці...

А сонца ўзышло

І ўсё радаснае аддало зямлі,

І зямля ў сваёй шчодрай светласці

Нават і не глянула

На прыкрага пыхліўца.

 

Камусьці здавалася,

Што калі ён заткне вушы

і адвернецца ад жыцця,

Дык на свеце сціхнуць усе гукі,

Змоўкнуць песні

І людзі не стануць

Гукаць адзін аднаго.

А жыццё не спынілася —

Спяваюць птушкі,

Гучыць музыка

І людзі імкнуцца

ў дружную, згодную сям’ю.

І весела гучыць іх мова,

Яднаючы шчырыя сэрцы.

 

Камусьці здавалася,

Што калі ён назаве

ўсіх на свеце недарослымі,

Дык людзі паглядзяць у яго бок

І скажуць: — Які ён вялікі

І наймудры над намі!..

А людзі паслухалі

Яго заклінанні

І сказалі:

— Гляньце,

Гэта ж так прышчыцца,

Так пнецца,

А які быў нікчэмны,

Такі і застаўся!

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан