epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Канец казкі

Ах, як яны чакалі таго дня, калі выйдуць з парахода на мурожысты, пад сінімі незабудкамі бераг Сажа, пераначуюць у пахкім сене на гарышчы бабулінай хаты, а назаўтра пойдуць у бязмежнае хараство летняга лугу і лесу, у бясконцую казку роднай, шчырай зямлі!

У партызанскія сховы, пад векавечныя дубы надсажоўскіх вышынь.

У птушыныя спевы пад салодкімі зорамі світальных вандровак.

У легенду крэйдавага ўзвалля, каля недагарэлых старажытных паляў невядомага паселішча.

У ціхую стому змярканняў, дзе касуля, прабуючы ножкамі сыпкі пясчанік, таемна спускаецца з высокай дубровы да Сажа — напіцца.

Колькі вечароў бацька расказваў сыну адну несканчоную казку крылатага белага воблака, што з-пад самага сонейка падае ў чашу празрыстага азёрнага крышталю; сіняга касача на крушынавым балотцы; качынага лопату над ціхімі краскамі заток; зіхотнага следу радугі на даляглядзе; жураўлінага клічу — труб сярэбраных...

Бацька... Татуля... Хто ён быў для Іванкі? Віцязь з таго падання, якое чуў хлопчык ад маці? Чараўнік, якому ўсё на свеце падуладна? Дзівосны вандроўнік, які ўсё ведае і ўсё ўмее? Магутны ўладар сонца і зор, дня і ночы? Асілак, які падужае любое страшылішча і нікога слабога не пакрыўдзіць?..

Трымаючыся моцна за бацькаву руку, Іванка ступіў на сходні парахода.

А далей...

Былі абдымкі бабуліны, сцяжынка да хаты па кураслепе пахучым, яечня і хлеб на кміне і сырадой з пузырыстым шумком.

А потым — ноч.

З шэптамі.

«Татка, ты чуеш, нешта цвіркае? Во — цвірк, цвірк».

«Гэта, сынку, цвыркунок такі маленькі. Можа, хоча з табой пазнаёміцца. Адкажы яму».

«Цвірк... цвірк...» — адгукаецца Іванка.

Нічога... Цішыня. А потым зноў ціхенька — цвірк, цвірк. Прызнаў цвыркунок Іванку.

«Татка, а што гэта ў шчыліне? Татачка, глядзі, нейкі стручок бліскотны».

«Гэта месяц. Узышоў і плыве па небе. Вітаецца з зямлёю. Зараз ён і цябе бача. Спі. Ён любіць, каб усе пры ім ціха адпачывалі. Спі, Іванка».

І вось — раніца. Прачнуўся Іванка, як на нейкае свята. Што гэта? Чаму так б’ецца сэрца? Чаму есці не хочацца? Куды яго цягне? Ага, сёння ж з бацькам яны ідуць на луг. Як даўно дамовіліся. У першую казку іхняга жыцця.

Паснедалі. Бацька ўзяў стрэльбу.

— Вунь там, за Сажом,— сказаў ён,—бяжыць паміж вольх залатая рэчачка. Чаму яна залатая? А таму, сынку, што цячэ з крыніц лясных праменістых, пясок жоўценькі гоніць з-пад сасновых карэньчыкаў, у золаце сонца купаецца, між залатых гарлачыкаў спаць кладзецца... Пойдзем туды?

— Пойдзем! Пойдзем! — закрычаў Іванка.— А стрэльбу — каб ваўка забіць? Не, не, забіваць не будзем, а толькі спалохаем — уцякай, воўк, ад нашага краю. Так, татачка?

— Так, так!

Спіхнуў татка човен на ваду. Трымайся, Іванка! А чаго тут трымацца. Глядзі, татка, нічога я не баюся. Усміхаецца татка, налёг на вясло. «Шуль-шуль-шуль-шуль!» — зашамацела вада. Шамацела-шамацела, і раптам — гоп! Аж перакуліўся Іванка. Човен урэзаўся ў пясок лугавога берага. Выходзь! Глядзі, які прастор! Колькі хараства на свеце!

Не абняць, не агледзець лугавое ростані зіхоткай, далягляду сонечнага, званлівага; ціхай лагоды, задумнай радасці няскошаных грыў і лагчын.

Не спяшаецца Іванка. Ля азярыны спыніцца — вось дык справа, эх, не ўзяў сшытак і алоўкі. Пахаджае паўз сітнякоў птушка. Боты чырвоныя, нос, як моркаўка, штаны чорныя, а кашуля белая. Паважна птушка пахаджае. Нават на Іванку з таткам не звяртае ўвагі. Падумаеш, задавака. Іванка ведае — гэта бусел.

Бусла ўсе шануюць. Таму і не баіцца чалавека — ходзіць як быццам з гонарам. Але чаму гэты такі смелы, а другі вунь сарваўся, паляцеў, ледзь толькі ўбачыў людзей?

— Гэта ж чапля, Іванка. Птушка палахлівая, асцярожная.

Чапля? Чаплі Іванка яшчэ не бачыў зблізку. Абавязкова-абавязкова ён падкрадзецца, як разведчык, абавязкова замалюе гэтую птушку! Вось толькі не забыцца на паперу і алоўкі.

Татка смяецца. Ды яна ж зусім і непрыгожая. Уся брудная, вочы злосныя — нашто табе тая чапля. А лепей будзь чуткі, Іванка. Зараз грыва пачынаецца. З купінамі бруснічнымі, з ажынамі ў зарасніках. Вось там пільнуй! Там як залапаціць — не на жартачкі спалохаешся!

І праўда. Толькі пралез Іванка праз сцяну крушын ды ажынніку, выйшаў на пясчаны пагорак — бац, бух, ча-ча-ча-ча! Залапацела, затрашчала, пясок завіхрыўся, пыл з красак узняўся. Абмёр Іванка. Але глядзіць пільна. І дзіву даецца. Гэта ж дзве вялікія птушкі, з-пад самых ног вырваліся. Як дзве бомбы. Выбухнулі, і ўсё знікла. Глядзіць Іванка на татку, вочы гараць, усміхаюцца збянтэжана.

— Ну? — пытае бацька.— Вось дык цецерукі. Ай, ды лапатуны! Ну, нічога, Іванка. Я ўжо колькі іх пападымаў, а ўсё роўна сэрца кожны раз заходзіцца. Гэта, мусіць, ад радасці.

— Ад радасці, ад радасці! — бурна згаджаецца Іванка.— А толькі дзе яны сядзелі? Што рабілі?

— А яны купаліся. Вунь глядзі на пясок. Як яго спрасавалі. Раненька, калі сонца прыгрэе ды ціха навокал, цецерукі любяць папесціцца ў пясочку.

Далей ішоў Іванка асцярожна. Усё ўперадзе выглядаючы. Можа, яшчэ сустрэнуцца цецерукі, падпусцяць, дадуць сябе разгледзець? Скончылася першая грыва, лагчынку перабеглі, і вось — грыўка новая. Якраз перад самым лесам. Спыніўся Іванка ля арэшынкі, прыслухаўся. Дзіўныя гукі нейкія. Як спеў жаваранка вясновага. «Ці-ці-ці, буль-буль-буль-буль, цірні-цірні»,— быццам сярэбраныя расінкі перасыпаюцца. Татка глядзіць, усміхаецца. Вачамі нібыта кажа: ступі яшчэ крок, Іванка.

Ступіў Іванка. Арэшыну адхінуў, а перад ім — рачулка. Бяжыць, звініць вада па жоўтым пясочку, каменьчыкі белыя з пясчынкамі перацірае. Падбіваецца пад камлі арэшын, адтуль выбягае на краскі залацістыя, пявучым струменем абдае кожную галоўку. Коціцца, як жвавая жывінка, у зялёную засень чаратоў, расхінаючы звонкія паклоністыя сцябліны.

Загледзеўся Іванка. Унізе рачулка — душа перад ёю расхінаецца. А справа — бор, такі ж прываблівы, чароўны. Сосны адна за адну страйнейшыя, гонкія, на вачах цягнуцца ў неба. Ціха гудуць сосны, быццам нейкую думу думаюць, даўно чакаюць Іванку, каб яму перадаць тую думу. А злева — лугавыя расцяробы. Магутныя вербалозы, дубнякі ды альшанікі падбіваюцца да лесу, цягнуцца некуды ў бясконцую даль. Глядзіць Іванка на расцяробы — і яны яму здаюцца вялікай чарадою казачных зялёных караблёў, што па чароўных рачулках плывуць у зялёным лузе.

— Татачка, а куды яна бяжыць, наша рачулка?

— А калі пайсці за нашай рачулкай,— будзе спачатку арэхавая грыва. Далей — дзве крынічкі, а над імі дубы.ь Па трыста гадоў дубам тым, Іванка. А пасля — сасновае ўзвалле, а потым — Сож. Бяжыць рэчачка ў Сож, перад Сажом разліваецца на тры рукавы і, падаючы з высокага берага, вызвоньвае тры песні пра сваю радасць.

— А якую радасць?

— З братам сустракаецца рачулка. Сож — яе брат старэйшы, разумееш?

— Татачка, пойдзем за рачулкай?

— А ты не стомішся?

— Не, не!

— Ну, тады хадзем.

Узяў бацька Іванку пад руку, павярнуў ад бору. Абышлі арэшынку, ступілі ўніз, расхінулі мяцёлкі чарацін. Па нагах забруіла сцюдзёная вадзіца, ай любата! — так прыемна ісці па струменістай прахалодзе. Пералезлі цераз імшаністы камень-валун, на сыпучым гарачым пясочку ногі абсушылі. Дзівата! А вунь і арэхавая грыва пачынаецца. Лёгка ўзбег Іванка на чабаровы грудок. Пацягнуў татку за руку. Глядзі, татка, якая сіняя пад грудком рачулка. Глыбіня, мусіць, глыбіня! Татка! А вунь рыбіна! Рыбіна мільганула!

Татка сціскае сынаву руку. Добра, добра, Іванка. Шчаслівая ласка залівае бацькава сэрца. Добра, добра, Іванка. Глядзі ў свет на поўныя вочы, убірай у душу лагоду роднай зямлі.

І раптам...

Залаціста-шэрая маланка высеклася за арэшынай, скочыла ў густой траве. Касуля! Божа любы. Як яна скочыла! Здавалася, струны ўсёй зямлі зазвінелі чароўнай песняй. Скочыла касуля, адным вялізным махам пераляцела цераз рачулку. І каля тонкай бярэзінкі замерла, стаілася.

— Іванка,— шапнуў татка,— касуля... Касуля!

— Дзе, татка, дзе?

— Ды вунь за рачулку глядзі, за рачулку. Каля бярэзінкі!

— Я не бачу, не бачу!

І раптам...

Як жа гэта здарылася... Бацька... Татуля... Дзівосны вандроўнік, які ўсё ведае і ўсё разумее... Ён і сам не памятае, як зняў стрэльбу. Як стрэліў. Стрэліў, каб напалохаць касулю, толькі спудзіць. Гулкі разложысты стрэл скалынуў лугавы спакой. І тады Іванка ўбачыў. Ля тонкай бярэзінкі выбліснула, як прамень, касуля, — выбліснула, падламілася і зарылася пысачкай у пахучы драсён... Забілася, затрымцела тонкімі ножкамі... І сэрца Іванкава ўпершыню пахаладзела ад страшнага суму.

Бацька апусціў стрэльбу. Што адбылося — і сам не разумеў. Лёгкі дымок яшчэ выходзіў з яе ствала. І здавалася, з гэтым дымком выходзіць і прападае ў смузе дня нешта такое, што бывае ў жыцці толькі адзін раз.

«Сынок... Іванка... » — хацеў сказаць бацька. І не мог. Хоць і бачыў сэрцам, як аддаляюцца, аддаляюцца ад яго разгубленыя, спалоханыя дзіцячыя вочы, як скача і падае ў іх непаўторны казачны свет.

Бацька... Татуля... Чараўнік, якому ўсё на свеце падуладна... Ціха і млява ішоў бацька ля Іванкі. Спатыкаўся аб купіны, не заўважаў, што даўно адышлі ад рачулкі. Што цяпер тая рачулка?... Што свет... Як гэта ўсё здарылася? Як адбылося? Ці даруе яму Іванка? Ці зразумее? Ці забудзе гэты стрэл? Ці забудзе ціхі стогн касулін, яе трымценне пад жахлівым болем чалавечага ўдару?..

А Іванка. Шырокімі вачамі, усёй збянтэжанай душою ён глядзеў некуды далёка-далёка,— нешта так хацеў там убачыць! Ды чамусь нічога там не было, усё было пуста, пуста. Толькі калыхаўся квяцісты драсён ды ляцела да тонкай бярэзінкі падкошаная касуліна галоўка.

Двое неразлучных сяброў ішлі поплеч, а ўпершыню думалі, журыліся розна.

Гэта быў канец іхняе казкі.

Што будзе з імі далей?.. Хто ведае...

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан