epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Кантыненты, кантыненты...

Кантыненты, кантыненты,

Гул партоў, шматмоўе рас.

Нанты, Портсмуты і Генты,

Ліма, Корсіка, Мадрас.

 

Звон гітар, пах бражны ў гронцы,

Сінь лагун — дзе столькі ўзяць? —

І экзотыкай, і сонцам

Кантыненты зіхацяць.

 

Хто там быў — выводзіць ленто,

Фільм дае, скульптуру пне.

Кантыненты, кантыненты

Клічуць дзівамі мяне.

 

Там і байкі, там і веды,

І спакус там цэлых сто.

Толькі я к ім не паеду

Усё роўна пакуль што.

 

Не таму, што ганаруся,

Што ў інакшай рос красе.

А таму, што ў Беларусі

Не аб’ехаў землі ўсе.

 

Я не ўсе яшчэ агледзеў

Дарагія мне куткі,

Цуд-бары са звонам медзі,

Поймы з шумам асакі,

 

Нівы з песнямі дажынак,

Кручы з пахам чабароў,

Вёскі з юнай і гасціннай

Весялосцю вечароў.

 

Беларусь гукае, кліча

Больш, чым нечых мораў шквал,

Сваёй даллю маляўнічай,

Сваім рокатам цымбал,

 

Сваім ладам, сваёй ласкай,

Сваёй вераю ў жыцці,

Якіх нават і ні ў казках

Анідзе больш не знайсці.

 

І пакуль на ўсе працэнты

Не аддам я ёй душу,

Кантыненты, кантыненты,

Вас мяне забыць прашу.

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан