epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Караблі

Вясновае сонца з вятрамі ў хаўрусе

Зганяла сувеі з зямлі.

І вось — па рачулках, па ўсёй Беларусі

Ізноў паплылі караблі.

 

Папера і дрэва, а скажаш — лінкоры.

— Пускайма! — крычаць хлапчукі.

І ў думках іх ззяюць марскія прасторы

І свецяць партоў маякі.

 

Пад ветразем пеняцца шумныя воды.

Маленства... Калісьці штогод,

Ледзь толькі ўставалі рачулкі з-пад лёду,

І мы майстравалі свой флот.

 

Адкуль жа ж у нас, што ўзраслі на прылессях,

На ціхай, няморскай зямлі,—

Марацкія мары і флоцкія песні,

Жаданне вадзіць караблі?

 

Напэўна, такая душа ўжо ў нас. Мусіць,

Ад першай маленства вясны

Мы чуем, што мы не адной Беларусі,

А ўсёе Радзімы сыны.

 

Радзімы, ў якой столькі мораў і даляў

І столькі шчаслівых шляхоў,—

Будуй караблі, прабівайся праз хвалі

Да новых яе маякоў!

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан