epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Карагач

Калі налятае з пустыняў

Самум, як навала, цяжкі,

А ўслед падымаюцца грозна,

Паўсвету закрыўшы, пяскі

 

І ўсё замірае ў знямозе,

Не можа нат марыць, каб жыць,—

Адзін карагач перад бурай

Не хоча і голаў схіліць.

 

Рукамі, сухімі і злымі,

Не чуючы крыку свайго,

Вятры выграбаюць без жалю

Зямлю з-пад карэнняў яго,

 

І б’юць, і хістаюць, і кружаць...

А ён на адным валаску

Стаіць і выцягвае прагна

Лістоце ваду з-пад пяску.

 

І горда трымаецца, покуль

Не выспее міг цішыні.

Тады ён збірае у вузел

Параненыя карані,

 

І гоіць іх сокамі сэрца,

І мужна чакае пары,

Калі прыляцяць ад паўночы

З дажджом веснавыя вятры.

 

І трэба адна толькі хвіля,

Каб ён пад лагодным дажджом,

Расправіўшы дужыя плечы,

Акрыў іх зялёным плашчом.

 

Гавораць, што ў радасці весняй

Умее ён песняй звінець,

А толькі пра што яго спевы,

Не можа ніхто зразумець.

 

Няпраўда. Я быў там і слухаў

Вясёлыя звоны ў лісці,

Ён марыў пра рэкі ў пустыні,

Спяваў ён аб шчасці ў жыцці.

 

І тысячы мужных і юных,

Што гэткаю ж марай жылі,

Пад ценем яго спачывалі

Ды смела наперад ішлі.

 

Ішлі і няслі для Радзімы

У сэрцах гарачую кроў,

І ветразі будучым рэкам,

І зерні для новых палёў.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан