epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Кармушка

Адзін махляр,

Каб пра сябе пусціць як пра зычліўца сказ,

Рашыў

Зрабіць кармушку...

Напаказ, вядома,

толькі напаказ...

Павесіў дошку на суку — высакавата,

Але навідавоку, каля самай хаты;

Пафарбаваў кармушку ў колер неба —

Хоць і маркі,

Але затое дастаткова яркі,

Каб заклікаць:

вось глянь, і ты, як я, падбай...

Павесіў,—

і гайда адсюль, гуд бай...

 

Прыйшла зіма... Снег паваліў

нястомна, густа,

У полі і ў лясах — усюды стала пуста,

Занесены сумётамі сцяжынкі,

Ні зернятка не знойдзеш, ні травінкі,

Сям'я жывёльная — і зблізку, і здаля

Імкне да чалавечага жылля,

Хоць з бояззю, з трывогаю, крадком,

Усё ж імкне пад чалавечы дом...

Ды сумна водзяць позіркам

і звер, і птушка —

Пустая сустракае іх кармушка...

Ні хлебца, ні сянінкі — ані трошкі...

Адно цярушыць снегам з яркай дошкі...

 

Затое ў лаўкача,

у махляра,

у бізнесмена —

Ёсць тэма для хвальбы,

для хітрасці нязменна:

Які, маўляў, ён бескарыслівы, які

Сардэчны,— ўсім дае з сваёй рукі,

Нікому не шкадуе, верце, верце,

Усіх ратуе ад бяды, ад смерці,

Ідзіце да яго, маўляў, усе ідзіце,

І душы, і давер яму нясіце!..

Хоць не аблашчыў ні звярка, ні птушку,

А лоўка скарыстаў махляр кармушку...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан