epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Кароны вышэй (Легенда)

— О цар! — далажылі калісьці цару.—

Сын любы твой

здрадзіў табе, ўладару,—

Ад шчодрых тваіх, ад мілосных дароў,

Улады святой, што ад даўніх цароў,

І райскіх богданых пяшчотаў тваіх —

Пайшоў ён да чорных вачэй агнявых,

У беднай, у цёмнай хаціне курной

Цяпер ён, як смерд, з парабчанкай адной,

Стаіць на каленях, клянецца прад ёй,

Красе прысягае каронай тваёй...

 

Нахмурыўся цар,

пацямнеў горш за хмар,

І служкам гняўліва сказаў валадар:

— Ідзіце ж, не стойце, знайдзіце яго,

Я сам запытаю нашчадка свайго,

І горай, чым смерць,

будзе кара таму,

Хто лютасці хоча і смерці яму,

Хто словам хлуслівым запляміць жадаў

Таго,

каго сынам

бог вечны мне даў!..

 

Ударылі царскія слугі чалом,

Пабеглі, а беглі, аж голаў на злом,

І вось прывялі —

горды, страху ні ў знак,

Устаў перад тронам палоннік-юнак.

— Я ўсё табе даў,— цар сказаў юнаку.—

Цара ты нашчадак!..

Ніхто на вяку

Ніколі ў такія юнацтва гады

Не знаў, каб яго цалавалі сляды,

Ніхто столькі скарбаў не бачыў, як ты,

Ніхто не меў права на трон залаты...

Што ж ёсць яшчэ лепей

за царскае званне,

Дарожай, чым век над людзьмі панаванне?!.

— Каханне! — адказ юнака быў.— Каханне!

О цар мой! Нічога няма даражэй,

чым каханне!

Усё забяры, ды пакінь мне каханне!..

 

— Упарты сляпак! — сыну выгукнуў цар.—

Аддаўся ты ўладзе атрутлівых чар!..

Ты здрадзіў!..

А здраду — сам ведаеш ты —

Як грозна карае

гнеў царскі святы...

Прасі ж, пакуль можна,

грахоў даравання!

Што лепш табе — смерць?

Ці ў палац свой вяртанне?!

— Каханне! — зноў цвёрды адказ быў.

— Каханне!

О цар! Хай хоць смерць,

але будзе каханне!

Нічога не трэба мне,

толькі каханне!..

 

— Ну, што ж...—

З тварам змрочным,

гняўліва-цяжкім,

Махнуў цар рукою служакам сваім.—

Ну, што ж...

Хай так будзе, як хоча ён сам...

Бог даў мне яго, богу я і аддам...

Завыюць над ім згаладала ваўкі...

Не трэба кароне нашчадак такі!

Бярыце яго! —

І ўжо кат, што тайком

З’явіўся раней,

стаў па-за юнаком,

І ўсім ужо роспачы ўчуўся дакор —

Нібы замахнуўся крывавы тапор,—

Як раптам —

ля сына —

ў адзенні сяўца

Убачыў цар грозны

свайго мудраца...

 

Адкуль ён паўстаў?

І як трапіў сюды?..

Даўно адляцелі былыя гады.

Зымшаніўся ўжо з тых часоў і палац,

Калі ён цару памагаў цараваць,

Калі кожнай хвіляй

шукаў яго цар —

Чакаў слова шчырага —

мудрасці дар...

А потым бядак пастарэў і аслеп

І горкім стаў царскі аслепламу хлеб,

І цар падарыў яму —

павадыра...

І вывелі старца

на поле з двара...

І вось ён вярнуўся...

Яшчэ ён жывы...

Стаіць над кіёчкам — як голуб сівы...

 

— Мудрэц! — мовіў цар.— Я цябе пазнаю...

Даўно ўсё было, ды я мудрасць тваю

Запомніў дагэтуль...

Дык як, адкажы,

Як быць мне, цару, калі сын стаў чужы,

Якою б ты карай яго пакараў —

Ці зграі б аддаў, ці ім поле араў?..

 

— О цар! — праказаў, уздыхнуўшы, мудрэц.—

Не гожы ты выбраў для сына канец!

Хоць я ўжо даўно і сляпы, і глухі,

Стары, як сівыя лясныя імхі,

Ды бачу я сэрцам і чую душой:

Не праўдай судзіў ты,

а крыўдай ліхой!

Скажы мне, о цар, і ўсе людзі, што тут

Былі, як па-грознаму дзееўся суд,

Вам вочы адкрыты ўсё бачыць,—

скажыце:

Ці і па сёння крычаць яшчэ ў жыце

У цёплай расе па начах перапёлкі?..

— Крычаць, наш мудрэц!..

— А ці ззяюць вясёлкі

Праз кроплі дажджу на зары па-над лугам?..

— Так, ззяюць вясёлкі...

— І весела цугам

Бягуць пад вясельнымі бомамі коні?..

І звон, на вяселле склікаючы, звоніць?..

І бераг рачны, дзе туманаў кудзеля

Вісіць між ляшчын, завіваецца хмелем?..

— Так, праўда, старэча...

І бомы на шыях

У коней звіняць, і туманы рачныя

Вісяць між ляшчын,

і хмель густа віецца

Для піва, што ў кубкі

на свята пальецца...

 

Тады адказаў мудры старац цару:

— Не ўсё падуладна табе, ўладару,—

Не можаш, не можаш,

хаця ты і цар,

Спыніць, каб не глянула сонца з-за хмар,

Не можаш спыніць, каб вясною ў лугах

Цвет-доннік, што сэрцы хвалюе, не пах,

Не можаш спыніць, каб для шчасця свайго

Не клікалі сэрцы адно аднаго,—

Не можаш, не можаш ты гэта зрабіць!

Дык як жа ты мог

за каханне судзіць,

За вернасць каханню так жорстка караць,

Жахлівую кару нашчадку абраць?!.

 

І ўсіх аж працяў невідучы пагляд

Старога,

калі загадаў ён:

— Гэй, кат,

Дык вызваль жа рукі ад путаў хутчэй.

Хай скіпе юнак

ця*жар смерці з плячэй,

Не трэба прызнання яму нічыйго,

Адно толькі сэрца —

суддзя для яго!..

 

І кат,— быццам быў тут сапраўдным царом

Не цар,

а стары гэты з павадыром,—

Ударам свайго тапара-цесака

Збіў путы цяжэрныя з рук юнака,

І мудры стары

крыкнуў —

гучна наўздзіў:

— Ідзі ж, наш юнача, да любай ідзі!..

 

І хлопец пабег — ажно дол загучаў.

А цар — галаву апусціў і маўчаў...

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан