epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Касманаўты

Ходзяць буры дзесь у высях,

Грозяць: сцеражыся!

А савецкія ракеты

Не баяцца высяў.

 

Бо мацней за ўсё ў сусвеце

Тое, пра што марым.

Абляцеў вакол планеты

Касманаўт Гагарын.

 

За Гагарыным пад сонца

Чарадою смелай

Аж сям’я арлоў савецкіх

Дружна паляцела.

Што ні дзень —

герой наш новы

Вышыню штурмуе...

 

Вось таму і хлопчык Янка

Зоркалёт майструе.

 

Ўсё габлюе ды шрубуе —

Шрубчык за шрубочкам;

Падганяе, падбівае,

Роўніць малаточкам,—

Каб зрабіць ракету моцнай,

Каб была як тая,

Што імкліва дзесь над светам

Сёння пралятае...

 

Хлопчык скончыў сваю працу —

Ўсё, што меў на мэце.

І чырвоную малюе

Зорку на ракеце.

 

А малюе — ды на маці

Пільна паглядае.

— Ну, як, мамачка! Ці добра? —

З радасцю пытае.

 

— Добра, сынку! Добра, любы!

Можна ўвысь узняцца!

Толькі ж сумна мне з табою

Будзе расставацца.

 

Раптам здарыцца што ў небе?

То ж не ў роднай хаце! —

Гладзіць сына па галоўцы

І гаворыць маці.

 

— Не сумуй! — ёй кажа хлопчык.

І не бойся, мама!

Я ж табе адтуль, звысоку,

Вышлю тэлеграму.

 

Далажу пра ўсё адразу

Ды ўсё растлумачу.

А уключыш тэлевізар —

І мяне ты ўбачыш!..

 

Хлопчык туліцца да маці,

Ласкаю сагрэты...

А ў вышынях дзесь міжзорных

Усё імчаць ракеты.

 

Смела нашыя героі

Сусвет аблятаюць

І такіх, як хлопчык Янка,

Да сябе чакаюць.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан