epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Кавалачак сталі

Кавалачак сталі,

Пякучы кавалачак сталі

Суровай часінай

Застаўся ў маіх у грудзях.

Кавалачак сталі,

Грымучы кавалачак сталі,

Даўно і няспынна

Мне спаць не дае па начах.

 

У цемры трывожнай,

Дзе зоры тугу сваю значаць,

Я чую грымоты,

Я бачу пажараў кастры.

Таварышаў мужных,

Таварышаў верных я бачу,

Іх песню з сабою

Здалёку прыносяць вятры.

 

І ў гэтыя хвілі

Шчымяць і баляць мае грудзі,

І рану пякуча

Вярэдзіць балючая сталь.

— Таварышы! Хлопцы! —

Крычу, нібы ў вогненным гудзе.—

Прашу вас — не дайце,

Каб я ад паходу адстаў!

 

Таварышы, хлопцы,

Героі бясконцага штурму,

Няўжо так далёка —

Ужо за легендамі вы?

Прышліце ж, прышліце

Хоць голас мне велічных сурмаў,

Прыміце ж, прыміце

Хоць спеў мой у строй баявы.

 

Таварышы, хлопцы,

Прашу вас — з любой сваёй далі

Гукайце, гукайце,

Каб сэрцам салдат не зачах...

Кавалачак сталі,

Грымучы кавалачак сталі

Даўно і няспынна

Мне спаць не дае па начах.

 

І ходзіць трывога,

Бяссонная ходзіць трывога,

У ціхім пакоі

Не можа спыніцца да дня.

І кліча дарога,

І кліча салдата дарога —

Туды,

Дзе няўзятая

Недзе грыміць вышыня.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан