epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Казка пра дзятла і дразда

Казаў дзятлу пеўчы дрозд:

— От каб мне твой дужы хвост!

Ды дзюбу, як у цябе,

Што так хвацка ствол дзяўбе!..

Я б у дрэвах —

Дзень і ноч —

Дуплы біў, аж іскры з воч,

І крычаў на ўсю зямлю:

— Хто бяздомны —

жыць сялю!

 

Казаў дзяцел да дразда:

— От каб мне твая дуда*!

Я б такую песню спеў —

Лес бы ўвесь зазіхацеў!

І хто сумны, хто знямог,

Ад усіх ішлі б дарог —

Каб пачуць яе

Ды з ёй

Крочыць к радасці сваёй!..

 

Гэту гутарку ў бары

Чуў той час арол стары...

А здаўна быў

той арол

Чарадзеем навакол...

І махнуў арол крылом —

Дзяцел стаў ураз

драздом,

І другім махнуў для іх,—

Дрозд стаў дзятлам

той жа міг...

 

Азіраюцца, глядзяць —

Пёркі ярка зіхацяць,

Як змяніліся яны!..

Праўдай сталі думы й сны!..

Толькі ў дзятла —

вось бяда! —

Не пяецца спеў дразда;

І дразду — ну, хоць памры:

Не прабіць у дрэў кары...

 

Дзень прайшоў, мінуў другі...

Дрозд марнее ад тугі.

Дзяцел сціх,—

Сярод ляшчын,

Як чужак,

сядзіць адзін.

Хоць наўкол той самы лес,

Ім адна згрызота — спрэс...

Кожны думае з журбой:

Як зноў стаць самім сабой?..

 

— Што ж...—

Сказаў стары арол.

Добра ўдарцеся аб дол...

Тады зноў —

крыла кіўком

Я зраблю

дразда — драздом,

Дзятла — дзятлам...

Зноў каб вы

Лес будзілі векавы...

Ды ўсім сэрцам

Бераглі

Дар,

што маці вам далі...

 

— Дзякуй, мудры наш!..—

Хвалу

Птахі крыкнулі арлу

Ды зрабілі ўсё

хутчэй,

Як сказаў ім чарадзей...

І на радасць лесу —

зноў

Дрозд запеў між певуноў

І, на смольны сеўшы сук,

Дзяцел свет вітаў: тук-тук!..

 

З той пары

па гэты міг

Чуем мы сяброў лясных:

Зранку, ўдзень

здалёк чутны —

З ласкай, з любасцю

яны!

Калі дрозд пачне свой спеў —

Дзяцел цішыцца між дрэў,

А як дзяцел дуплы б’е —

Дрозд ціхусенька пяе...

І заўсёды люба ім

Жыць па-свойму абаім,

І заўжды па ўсіх лясах —

Шчасце ў іхніх галасах...

Вунь стаў дзяцел на ўвесь рост —

І яго вітае дрозд;

Дрозд заліўся

сэрцу ў такт —

Дзяцел хваліць:

— Так, так, так!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан