epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Казка пра вясну

Паламаў Алеська лыжы,

Пакрывіў і санкі.

А зіма ўсё гурбы ніжа

На груды, палянкі.

Ой, зіма, ой, зіма,

Як ты надакучыла!

А вясны ўсё няма,

Не ідзе пявучая.

Вось пайшоў Алесь з сябрамі,

Сталі каля дуба

І паслалі кліч з вятрамі

Да красуні любай.

— Вясна, цётачка вясна,

Ты ў якой старане?

Вясна, цётачка вясна,

Хутка будзеш ці не?

Пагукалі вясну хлопцы

І пайшлі дахаты.

А зіма мяце таропка,

Дзьме з ялін кашлатых,

На страху кідае крупы,

Барабаніць злосна,

Бы таўчэ завея ў ступах,

Аж на сэрцы млосна.

І не брыдка ёй галёкаць,

Поўніць долы гулам...

Не, відаць, вясна далёка,

Хлопцаў не пачула.

— Мама,— просіць Алесь,— мама! —

Плача, не змаўкае,—

Можа, ты вясну таксама

Выйдзеш пагукаеш?

— Мой Алесік, мая дзетка,—

Кажа мама чула,—

Вясна прыйдзе неўзаметку,

Вас яна пачула.

— Мама, любая! Старанна

Буду я вучыцца,

І ўставаць без плачу рана,

І гуляць з сястрыцай,

І ніколі не схітрую,

Ты не будзеш сумнай...

Толькі, мамачка, прашу я,

Пагукай вясну мне!

І лёг спаць...

Назаўтра ўранку

Войкнуў ад здзіўлення:

Сонца ўсюды! Без прыстанку

Шле і шле праменні,

Капяжамі плачуць стрэхі,

Снег плыве ў разоры,

І з ракі даходзіць рэха —

Лёд ірвуць мінёры.

— Дзякуй, мамка! — Апрануўся

Алесь і — на вулку

Да вясны

з яе спакусай,

З яе мовай гулкай,

Да вясны, што сніў у снах,

Бяжыць і гукае:

— Слаўся, звонкая вясна,

Што ты ёсць такая!

Слаўся, цётачка вясна,

Што ў цябе ёсць рэкі,

Сонца, радасць і цяпло,

Будзь такой навекі!..

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан